ПАДНЯ́ЦЦЕ ТЭКТАНІ́ЧНАЕ,
змена становішча асобных участкаў зямной паверхні або кары ў выніку дадатных тэктанічных рухаў, дадатныя тэктанічныя структуры розных памераў і форм да высвятлення іх морфагенетычнага тыпу. Найб. шырока назва ўжываецца ў дачыненні да лакальных падняццяў, якія сфарміраваліся на платформавым этапе развіцця зямной кары ў рэльефе фундамента і платформавым чахле. Маюць пераважна купалападобную акруглую або авальную формы, з пакатымі схіламі (1—2°), пл. 20—200 км2, даўж. 3—20 км, амплітуду да соцень метраў. Вылучаюць П.т. ўнаследаваныя, новаўтвораныя, інверсійныя, скразныя, пахаваныя, навешаныя.
І.В.Клімовіч.
т. 11, с. 503
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)